У клубе прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг” прайшла калядная сустрэча
У клубе прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг” прайшла калядная сустрэча
Традыцыйна ў перыяд навагодніх свят адбываюцца калядныя сустрэчы ў клубе прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг”. Сёлета такая сустрэча адбылася 4 студзеня на базе сядзібы міфалагічнага ўладара халадоў Бераст-Зюзі, якая размяшчаецца на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера «Бераставіцкі». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі раённае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду сумесна з раённым сацыяльна-педагагічным цэнтрам і сектарам аховы дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама.
Ля варот рэзідэнцыі Бераст-Зюзі членаў клуба з ліку прыёмных бацькоў і іх выхаванцаў сустрэлі Дамавы і Спадарыня Мяцеліца, якія запрасілі ўсіх прыняць удзел у незвычайных навагодніх прыгодах па пошуку страчаных літар у слове “надышоў”, што дапамогуць зняць чары злых духаў і вярнуць спынены час.
Дарослыя і дзеці з задавальненнем уключыліся ў захапляльны квэст і адправіліся па анімацыйных пляцоўках, дзе знаёміліся з міфічнымі персанажамі беларускага народнага фальклору, танцавалі з дзяўчынай Гаёўкай і калядоўшчыкамі, трымалі іспыты на Ягусіным падворку, паказвалі свой спрыт і ўменні на пляцоўцы “Разгульнёвачка”, спаборнічалі з ляснымі разбойнікамі ў баі мяшкамі, паказвалі зладжанасць і камандны дух, ідучы на лыжах сяброўства. З асаблівым захапленнем яны зазірнулі ў пакоі да Спадарыні Мяцеліцы, дзе падзівіліся на цудоўныя навагоднія вырабы, якія ўдзельнічаюць у раённай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Самаробны цуд”, змаглі прыняць удзел у майстар-класе па вырабу навагодняга сувеніра.
Паспяхова выканаўшы ўсе прапанаваныя заданні і знайшоўшы згубленыя літары, члены клуба “Сямейны ачаг” трапілі да самога гаспадара рэзідэнцыі – Бераст-Зюзі, якому прадэманстравалі свае таленты ў дэкламацыі вершаў, вадзілі з ім карагоды ля ўпрыгожанай навагодняй елкі, атрымалі ад яго ў падарунак невялікія календары з выявамі міфічных істот і салодкія пачастункі.
Затым усе яшчэ зазірнулі ў “Этнакраму”, дзе змаглі набыць сувенірную навагоднюю прадукцыю або паспрабаваць выйграць яе ў бяспройгрышнай латарэі.
Несумненна, усе ўдзельнікі каляднай сустрэчы атрымалі вялікі зарад станоўчых эмоцый, і нягледзячы на халоднае і сырое надвор’е, былі задаволены сумесным адпачынкам. А ў канцы мерапрыемства прыёмных бацькоў і іх дзяцей чакаў яшчэ салодкі стол – арганізатары паклапаціліся, каб сагрэць іх гарачым чаем з салодкім пачастункам, які быў набыты за сродкі раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду.
Ирина Миклаш "Бераставицкая газета"
Со ссылкой на официальтный интернет-источник http://www.beresta.by/?p=99085